Перайсці да зместу

Мінская ратуша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Мінская гарадская ратуша
Мінская ратуша
Мінская ратуша
53°54′13″ пн. ш. 27°33′22″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Тып будынка Ратуша
Архітэктурны стыль Класіцызм
Архітэктар Ф. Крамер, М. Чахоўскі, К. Хршчановіч
Першае згадванне 1582
Дата заснавання 1600 і 4 лістапада 2004
Асноўныя даты

1744перабудавана ў стылі
барока

1793перабудавана ў стылі
класіцызму

1857скасавана

4 лістапада 2004адноўлена
Дата скасавання 1857
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мінская ратуша — адміністрацыйны будынак у цэнтральнай частцы Мінска, на Высокім рынку. Да скасавання Магдэбургскага права для Мінска (14 мая 1795) у ратушы праходзілі паседжанні органа гарадскага самакіравання — магістрата або рады, у будынку захоўваліся эталоны адзінак вагі і аб'ёму. На ратушнай вежы знаходзіўся першы гарадскі гадзіннік[1].

Цяпер выкарыстоўваецца ў асноўным для прыёму ганаровых гасцей мінскіх гарадскіх уладаў. На 32-метровай вежы з флюгерам устаноўлены гадзіннік і герб горада. Куранты на вежы Мінскай ратушы кожную гадзіну на працягу 19 секунд адбіваюць мелодыю прыпеву «Песні пра Мінск» (музыка Ігара Лучанка).

Пра патрэбу збудаваць ратушу ўпершыню паведамляецца ў прывілеі на Магдэбургскае права, нададзеным Мінску вялікім князем Аляксандрам 14 сакавіка 1499 года. Месца знаходжання будынка, у якім у гэты час праходзілі паседжанні магістрату, дакладна не вядомае. У наступных прывілеях 1552 і 1569 гадоў зноў згадваецца пра патрэбу ўзвядзення ратушы.

Упершыню існы будынак называецца ў дакуменце 1582 года, калі падданага маёнтку Гарадзец пасадзілі ў вязніцу, што размяшчалася ў ратушы. Аднак у 1591 годзе горад атрымаў шэраг палёгкаў на «…ратуш, которы они тепер збудовати хочуть…»

У канцы XVI стагоддзя сустракаюцца звесткі пра ратушу як збудаванне, што размяшчалася на плошчы Высокі Рынак. У 1640 годзе пажар моцна пашкодзіў будынак, значную шкоду ратушы ўчынілі маскоўскія акупанты.

Адноўленая ў паваенны час, ратуша, відаць, мела даволі выразнае архітэктурнае аблічча. Чэшскі падарожнік Бергард Танер, які ў 1678 годзе наведаў Мінск, пісаў: «Галоўнае ўпрыгожанне пляцу ратуша, што стаіць у цэнтры, аточаная мноствам крамаў». У 1744 годзе будынак перабудавалі ў стылі барока[1] пад кіраўніцтвам і намаганнямі менскага войта Станіслава Буржынскага. Існуюць звесткі, што ў канцы XVIII стаоддзі пры ратушы дзейнічала партыкулярная аптэка.

Невядомы мастак, кан. XVIII ст.
Г. Герасімовіч, пач. XIX ст.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) ратушу перабудавалі ў стылі класіцызму (архітэктар Ф. Крамер). Чарцёж галоўнага фасада будынка прыводзіўся ў «Атласе Мінскай губерні». У будынку ратушы знаходзіліся магістрат, суд, гаўпвахта, гарадавы, паліцыя і архіў.

Ю. Пешка, пач. XIX ст.

Наступную рэканструкцыю ратушы (архітэктар М. Чахоўскі) правялі ў 1819 годзе, калі да яе паўднёва-ўсходняга фасада прыбудавалі арыгінальную агароджу, упрыгожаную ляпным дэкорам і маляўнічымі кампазіцыямі. У 1830-я гады ў будынку размяшчалася музычнай школа. У 1847 годзе залю, што знаходзілася на другім паверсе ратушы, рэканструявалі пад гарадскі тэатр (архітэктар К. Хршчановіч, афармленне інтэр’ераў мастака Я. Кураткевіча).

У 1851 годзе расійскі цар Мікалай І пастанавіў зруйнаваць будынак менскай ратушы, што было зроблена ў 1857 годзе. Разам з ратушай знішчылі сквер і парубілі векавыя пірамідальныя таполі[2]. Сквер аднавілі толькі ў канцы XIX стагоддзя[3] Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з тай прычыны, што «… яна сваім існаваннем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбургскае права…»[4].

Адноўленая ратуша

У 2002—2003 гадах будынак ратушы быў адноўлены спецыялістамі ААТ «Стары Менск», якія выкарыстоўвалі старыя чарцяжы і малюнкі. Не спрабуючы прытрымлівацца іх у дакладнасці, дойліды захавалі галоўныя элементы будынка. 4 лістапада 2004 года адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага сімвала Мінска.

Абмеры, канец XVIII ст.
Абмеры, канец XVIII ст.

Мела выгляд тыповай для беларускіх ратушаў XVIIXVIII стагоддзяў канструкцыі 2-павярховага выцягнутага дома з вежай, якая выступала ў цэнтры за лінію галоўнага фасада. Аналагічныя тыпы ратуш былі ў Магілёве і Віцебску. Мінская ратушная вежа прамавугольная, 3-ярусная. У пачатку XVIII ст. страха, трэба меркаваць, была больш стромкай[5].

Па перабудове архітэктарам Ф. Крамерам у кан. XVIII ст. ратуша набыла рысы класіцызму. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтральная частка сіметрычнага паводле кампазіцыі галоўнага фасада вылучалася рызалітам з 3-маршавымі сходамі, і акцэнтавалася чацверыковай вежай, завершанай шаломападобным купалам са шпілем і флюгерам. Рызаліт і тарцы мелі афармляліся 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэна. На ўзроўні 2-га паверху ў прасторы порціка знаходзіўся балькон[6].

У 1998 годзе праводзіліся грунтоўныя археалагічныя даследаванні пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук В. Собаля. Высветлілася, што будынак ратушы пачалі будаваць у канцы XVI ст. на парожнім месцы, дзе раней адсутнічала забудова. Сцены будынка ўзводзілі ў тэхніцы мяшанай муроўкі (вялікапамерная цэгла-пальчатка разам з каменнем). Падлога ў дольных памяшканнях была з прамавугольнай керамічнай пліткі. Сцены ўнутраных памяшканняў былі атынкаванымі. У цэнтры будынка знайшлі рэшткі коміну, які ўпрыгожвала кафля з раслінным арнаментам. Вокны былі зашклёныя круглымі шыбамі з зялёнага шкла, якое ўстаўлялася ў металёвыя пераплёты. Увесь час свайго існавання будынак быў пакрыты дахоўкай[7].

Зноскі

  1. а б ЭнцВКЛ 2005.
  2. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 220.
  3. У. М. Дзянісаў. Рэканструкцыя і знос гарадскога сімвала // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 454. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
  4. Пазняк 1985, с. 91.
  5. Пазняк 1985, с. 91—92.
  6. Беларусы: у 13 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 335.
  7. У. М. Дзянісаў. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Ратуша // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 214. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.